Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 5 человек

СЛАВУТЫЯ ЗЕМЛЯКІ (ДА 100-ГОДДЗЯ І. П. ШАМЯКІНА, І. П. МЕЛЕЖА)

Дата: 18 февраля 2021 в 20:53, Обновлено 18 февраля 2021 в 21:47
Автор: Шлык И. Н.
336 просмотров

Чытайце разам з намі творы Івана Шамякіна і Івана Мележа.
Можаце прачытаць и тут...

Хітруня
Іван Шамякін

Шасцігадовай Машы і яе старэйшаму брату Сяргею цётка пад Новы год прынесла дарагі па нашым часе падарунак — добры кулёк цукерак, самых адменных: «Мішка», «Чырвоная Шапачка», «Вавёрачка», «Крыжачок», «Грыльяж» і яшчэ нейкія, назвы якіх я і забыў ужо.
Цётка сказала:
— Хацела аддаць вашай бабулі, каб захавала да навагодняй ночы. Ды ўбачыла, як вы глядзіце на мяне з пытаннем: «А што прынесла цётка?» — і ўручаю іх вам. Але дайце абяцанне, што вы не будзеце есці іх у старым годзе. Пакладзіце пад ёлку і лічыце, што вам прынёс Дзед Мароз.
Сярожа сказаў:
— А я павешу іх на ёлку. Як яны ўпрыгожаць яе! Цётка і бабуля ўхвалілі такую задумку:
— Малайчына, Сярожа! Убачыце, як заззяе ваша ёлка! А Машы задумка гэтая зусім не здалася прывабнай.
Ёй хацелася хутчэй пакаштаваць цукеркі — хаця б па адной кожнага гатунку. Яна такі паспела запусціць ручку сваю ў кулёк, як толькі брат адвярнуўся. Ды якая там жменька — тры цукеркі змясціліся! Яна схавала іх у кішэні сваёй сукенкі. А потым пачала падбіваць Сяргея:
— Давай жа пакаштуем хоць па адной. Можа, яны горкія.
— Яшчэ што скажаш. Хіба бываюць цукеркі горкія?
— Бываюць, калі доўга ляжаць у магазіне.
— Цяпер нічога доўга не ляжыць, — зазначыў хлопец, бо часта чуў гэта ад бабулі, ад бацькоў, цяпер, маўляў, у магазінах усё разбіраюць умомант.
Брат, выдаючы сябе за дарослага, злітаваўся над сястрой і даў ёй дзве цукеркі.
— А гэтыя вешаю! Дай іголку з ніткай. Я буду чапляць іх. Але глядзі, Маша, сарвеш з ёлкі — атрымаеш па руках. Цябе ж трэба вучыць, каб ты не была сквапнай. Ты ведаеш, які гэта грэх — быць сквапнай?
Брат умела падвешваў цукеркі на ёлку, стоячы на табурэце. Маша падавала. Але не стрымалася, каб яшчэ колькі ўпотай не сунуць у кішэню; збегала ў свой пакой і схавала ў скрынку, у якой ляжала яе любімая лялька.
Сяргей саскочыў з табурэткі, замілавана агледзеў сваю працу. Ёлка ззяла ад каляровых абгортак.
— Шкада, не хапіла на гэты бок, ад акна.
Маша цяжка ўздыхнула, шкадуючы, што не хапіла. Весела сустрэлі Новы год. Але ёлка стаяла да Ражаства Хрыстова.
Пасля Каляд бабуля сказала:
— Здымайце вашы цукеркі, а то высахнуць. Сярожа палез здымаць. Маша затрымалася на кухні — бліжэй да бабулі.
I раптам пачуўся крык і стогн. Ці не зваліўся хлопец? Кінуліся ў пакой. Сярожа стаяў на табурэце.
— Што такое, унучак?
— Ты паглядзі, што ў гэтых цукерках?! Сухі хлеб! Ён зрываў прыгожыя абгорткі, мяў, і з іх сыпаліся крошкі сухога хлеба.
— Гэта яе работа! Яе!
— Чыя? — спытала Маша.
— Твая!
— Мая? Ну, ведаеш… За такую абразу раней выклікалі на дуэль. Ты будзеш на каленях прасіць у мяне прабачэння.
Бабуля прыкрыла хусткай рот і ледзьве стрымлівала смех.
— А хто замест цукерак напхаў хлеба?
— Можа, у магазіне.
— Хітруння ты! Хітруння! Каму ў магазіне гэтым займацца?
— Ёсць каму, — аўтарытэтна, з пераканаўчасцю дарослай сказала Маша.
Доўга ў доме смяяліся з гэтых цукерак. Але ніхто не вінаваціў Хітрунню. Нават Сяргей смяяўся разам з усімі. Вось такая наша Маша! Была. Пакуль не вырасла.

Пастух
Іван Шамякін

Пакуль я быў малы, бацька наймаў пастушка, каб пасвіў лесніковы каровы. А як пайшоў мне восьмы год, бацька сказаў:
— Усё, сын. Хопіць табе гойсаць. У гэтае лета будзеш пасвіць сваю чараду. Пастух дорага абыходзіцца. Кармі яго, плаці хлебам ці сенам.
Стаяла зіма, ляжаў глыбокі снег. У леснічоўцы нам дваім з братам было адзінока: у той час бацьку перавялі на другі абход, пад вёску Краўцоўку. Там у сасновым бары стаяла адзінокая хата лесніка. I зімою я з нецярпеннем чакаў вясны, уяўляў, як паганю статак у лес і нічога не буду баяцца — ні ваўкоў, ні зладзеяў. Уяўляў сябе сталым пастухом і радаваўся, што мне даручаць такую адказную працу. Папрасіў дзядзьку Трышку, які прыехаў да нас з далёкай Кармы, прывезці мне пугу. Дзядзька смяяўся:
— Дзе ты ёй ляскаць будзеш, пугай той? Па кустах? Заматаецца за дрэвы.
Па ранняй вясне, пакуль было холадна і мокра ў лесе, маці пасвіла сама: шкадавала малога; яна ўвогуле была супраць таго, каб так рана рабіць мяне пастухом.
— Дзіця горкае, — выцірала слёзы, гледзячы на нашы з Паўлам забаўкі.
Але ўрэшце наступіў мой першы працоўны дзень. Не зусім на світанку, але вельмі рана, сонца яшчэ не асвяціла леснічоўку, маці доўга будзіла мяне. О, як не хацелася паднімацца так рана! Вочы зліпаліся, галава сама валілася на падушку. Бацькаў голас падняў — бацькі я баяўся. Абулі мяне ў лапцікі, у світачку, торбачку праз плячо павесілі з хлебам і маслам у шклянцы — каб паснедаў, бо так рана есці не хацелася. I пагнаў я каровы. Але ў чарадзе было больш бычкоў і цёлак, іх вяскоўцы аддавалі лесніку, каб адпасліся за лета, нагулялі мяса і тлушч.
За адну першую раніцу развеяліся ў дым усе мае зімнія мары і фантазіі. Я зразумеў, якая гэта пакутлівая праца — пасвіць каровы такому малому. Вясна была мокрая. Камароў развялося — хмары цёмныя, яны клубкамі віселі над жывёлай. Цёлкі і бычкі адразу рванулі ў гушчар, у кусты, ратуючыся ад камарэчы. Я не мог іх сабраць у адну чараду. Згубіў некаторых. А помніў строгі бацькаў наказ: «Глядзі, каб у поле не выскаквалі, патраву не зрабілі. За патраву з краўцоўцамі не разлічышся».
А цёлкі, бычкі якраз і рваліся туды — у поле, бо там вецер разганяў камароў, ды і жыта, ячмень — смачнейшыя за лясную траву.
Вярнуўся я без чарады. Баючыся бацькі, у хату не заходзіў — плакаў за хлявом, каб пачула маці. Пачула. Заплакала сама. Знайшла кароў. Памагла мне пасвіць.
Такая пасьба паўтаралася пасля даволі часта. Маці прасіла бацьку наняць больш дарослага пастуха. Але бацька быў няўмольны. Ды і я патроху асвойваўся са сваімі пастушынымі абавязкамі.
Наступала спякотнае лета. Адышла камарэча і машкара. Авадні даймалі не так. Ад іх бычкі і цёлкі зыкавалі , але зыкі больш смяшылі, чым рабілі клопату. I я бадай палюбіў сваё пастухоўства. Адзіноцтва палюбіў. I кароў, цёлак, бычкоў палюбіў. Яны зрабіліся маімі сябрамі. Я гутарыў з імі і верыў, што яны разумеюць мяне і адказваюць рыканнем на розныя лады. Асабліва я сябраваў з цёлкай Майкай, нашай двухгодкай. Яна была вельмі рахманая і ласкавая. Я абнімаў яе за шыю. Яна нават дазваляла сесці на яе, як на каня, і пракаціцца па паляне. Праўда, часам Майка паступала непрыгожа, не як сябра. Калі я садзіўся паснедаць і, прыгрэўшыся на сонцы, засынаў, бо вельмі ж рана ўставаў, Майка з'ядала мой хлеб і нават вылізвала са шклянкі масла — ласунак мой.
Аднойчы я забаўляўся з Майкай, а яна матнула галавой і... ударыла рогам мне ў жывот. Не балюча, рог быў тупы, бацька падразаў усе вострыя рогі, бо раней адна карова прабіла другой бок так, што раненую прыйшлося прырэзаць. Але Майка гэтым тупым рогам падчапіла пад папружку. I падняла мяне. I панесла — на здзіўленне ўсім каровам. Я матляўся на яе розе, махаючы рукамі і нагамі. Але не толькі мне хацелася вызваліцца з такога раптоўнага палону. Майцы таксама хацелася скінуць мяне з рога. I яна — мела розум! — палезла ў самы гушчар. Церла мяне аб кусты, ажно працерабіла там прасеку жывой ношкай. Невядома, чым бы гэта скончылася, але, на шчасце, папружка лопнула, і я чмякнуўся на зямлю. Майка задаволена чмыхнула і пабегла да чарады. А што сталася са мной! Ад штонікаў маіх кужэльных і сарочкі крамнай віселі адны шматкі. Усё цела было падрапана, акрываўлена. Шчасце, што вочы сучча не выкалала.
Калі прыбег дадому, маці, убачыўшы мяне, ледзьве не страціла прытомнасць. Пасля казала:
— Падумала: цябе ваўкі рвалі.
А бацька доўга расказваў леснікам пра маё «катанне на розе» як пра вясёлую прыгоду, і тыя смяяліся.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.