Новости проекта
Обязательно к прочтению
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 5 человек

ПАЗАКЛАСНАЕ ЧЫТАННЕ ПА ТЭМЕ "ЗІМОВЫ ДЗЯНЁК, ШТО КАМАРОЎ НАСОК!"

Дата: 19 декабря 2020 в 17:36
Автор: Шлык И. Н.
13 291 просмотр

ТВОРЫ ДЛЯ ЧЫТАННЯ
Генадзь Аўласенка. «Хто як зімуе».

Артур Вольскі. «Калядкі».

Віктар Дайліда. «Добрая фея».

Міхась Даніленка. «Ключы бабулі Зімы», «Зімовая азбука».

Васіль Жуковіч. «Старажытны звычай», «Зіма», «Першы снег», «Калі прыходзіць Дзед Мароз?».

Янка Журба. «Дзед Мароз».

Рыгор Ігнаценка. «Ягады пад снегам».

Клаўдзія Каліна. «Люты», «Зімовы дуб».

Уладзімір Карызна. «Гуканне Дзеда Мароза», «Навагодняя песенька».

Якуб Колас. «Дзед-госць», «Зіма», «Першы снег».

Касндрат Крапіва. «З Новым годам».

Пятрусь Макаль. «Бялее снег пушысты».

Уладзімір Мацвеенка. «Ёлка-вясёлка».

Масленічныя песні.

Адам Русак. «Сінічка».

Алесь Ставер. «Зіма».

Мікола Хведаровіч. «Ля хат высокія сумёты».

Мікола Чарняўскі. «Ёлка», «Ліса-калядоўшчыца».

Можна прачытаць тут...

Міхась Даніленка
Ключы бабулі Зімы

Славік сядзеў з бабкай Настуляй на лавачцы каля хаты. Абое пільнавалі драздоў. Унадзіліся тыя лятаць з лесу на рабіну, што чырванее гронкамі ў агародчыку.
— От шылахвосты, — уздыхае бабка. — Ведама, к зіме ягады саладзейшымі робяцца. Дразды і ласуюцца імі.
Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Дзе ўжо ёй тых драздоў ганяць.
— Ты ўжо глядзі, Славічак, — кажа яна ўнуку, — хітрыя яны, дроздзікі.
Ды Славік не вельмі пільнуе рабіну. Ён то ганяе па двары жалезны абруч, які яму прынёс з кузні бацька, то спрабуе злавіць шаўкавістую павуціну, што праплывае ў празрыстым паветры.
3 неба даносяцца тужлівыя крыкі: «Курлы! Курлы!»
— Бабка! — тармосіць хлопчык за рукаў бабулю. — Глядзі: птушкі!
Бабка доўга ўзіраецца пабляклымі вачыма ў неба, нешта сама сабе шэпча і ўздыхае.
— Жураўлі, унучак, адлятаюць ад нас, — гаворыць яна. —Лета замыкаюць. Хутка лецейка ключы бабулі Зіме перадасць.
— А якія тыя ключы? — пытае Славік. — Калі іх лета перадасць зіме?
Бабка Настуля некаторы час маўчыць. Потым ласкава гладзіць бялявую галаву ўнука і, усміхнуўшыся, прапануе:
— А мы будзем з табой, галубок, кожны дзень пільнаваць, калі лецейка зіме ключы аддасць. Добра?
3 таго дня Славік пільнаваў не так рабіну, як той момант, калі лета перадасць зіме ключы.
Аднойчы бабка Настуля паказала Слаўку на павуцінцы, што зачапілася за галінку рабіны, малюсенькага павучка. Ён, мабыць, таксама, як і жураўлі, адлятаў у цёплыя краі.
— Крыльцаў не мае, дык на павуціне падарожнічае, — тлумачыла бабка. — А вунь і пасланец бабулі Зімы на нашай рабіне ўсеўся.
На што ўжо добрыя вочы ў Славіка, а і то ён ледзь разгледзеў на рабіне чырванагрудую птушку. Яна сядзела і чысціла пышныя пёркі.
— Снягір, — сказала бабка. — Сняжок ён любіць. Бачыш: грудзі ў яго, бы ранішняя зара на зімовым небе.
А яшчэ праз колькі дзён лужыну, што была каля іхняга двара, скаваў тонкі чысты лядок. Праз той лядок усё-ўсё відаць. Лядок быў і на Мацвеевай копанцы. Калісьці ўвесну там звонка крычалі жабы.
— Глядзі, — паказала бабка Славіку на шэры камячок пад лёдам.
— Жаба?! — не паверыў сваім вачам хлопчык.
— Да зімы падрыхтавалася, — кіўнула галавой бабка. — А вясной адтае зямля, пацяплее. Тады і яна ажыве, заспявае сваю песню з сяброўкамі.
А яшчэ Славік бачыў на прыпудранай інеем зямлі каля самага агародчыка сляды зайца, бачыў сонных мух, што забіліся ў шчыліны бярвенняў. Шмат чаго цікавага паказвала бабка.
— Калі ж тое лета бабулі Зіме ключы перадасць? — дапытваўся хлопчык. — Хутка ўжо і снег пойдзе.
— А ты, унучак, не спяшайся, — суцяшала Славіка бабка.— Ты ж ужо і так трохі больш убачыў, чым раней. А падрасцеш, яшчэ ўважлівей будзеш да ўсяго прыглядацца. Тады — я ўпэўнена — не прапусціш і ключы, якія лета бабулі Зіме ўручае…
— А ты, бабка, ніколі не прапускала?
— Я, галубок, і цяпер стараюся не прапусціць, — усміхаецца бабка Настуля. — Васьмідзесятую зіму сустракаю...
У тую ноч Славіку прысніўся сон. Быццам на зялёным лузе, не дакранаючыся да травы, плыве ў вянку з палявых рамонкаў Лета. Яго косы — залацістыя промні — яркім ззяннем аж слепяць вочы. А насустрач, пакрэктваючы, спяшаецца Зіма. Валёнкі ў яе цёплыя, рукавіцы вялікія. Узмахне Зіма рукавом кажуха — і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Жабкі, жучкі хутчэй хаваюцца. Аддало Лета прыгожыя серабрыстыя ключы. Зіма ўзяла іх, нахмурыла сівыя ад інею бровы і павярнула ключыкам нябачны замок. I адразу ўся зямля пакрылася белай-белай прасціною…
Расплюшчыў Славік вочы, а ў пакоі і сапраўды неяк нязвыкла светла. Кінуўся ён да акна і радасна закрычаў:
— На дварэ снег! Лета бабулі Зіме ключы перадало!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.